Home

  Гісторыя архікатэдры

Браты і сёстры,

Гэта ёсць Дзень, каторы даў нам Пан, радуемся і весялімся ў ім. Сёння           
разам з усім Касцёлам спяваем: “Весяліцеся, хоры анёлаў (…), радуйся,                                                                                                                                  зямля”.

Пустая магіла з’яўляецца нямым сведкам цэнтральнай падзеі ў гісторыі чалавецтва: уваскрасення Пана нашага Езуса Хрыстуса. Напрацягу дзвюх тысяч гадоў пустая магіла сведчыць пра перамогу Жыцця над смерцю. Разам з апостатамі і евангелістамі, з усім Касцёлам, які жыве ў кожны час і на кожным месцы, мы самі з’яўляемся сведкамі гэтай падзеі і таму спяваем: “Хрыстус уваскрос! Той, хто ўваскрос з мёртвых больш не памірае, бо смерць не мае над Ім улады” (пар. Рым 6, 9).

Браты і сёстры, не будзем жа нямымі сведкамі, не будзем жа падобнымі да жаўнераў, якія вартавалі гроб і праспалі момант уваскрасення, а пасля пад націскам улады паддаліся хлусне і пачалі распаўсюджваць ілжывую версію.
Прыглядаемся да Марыі Магдалены, якая не сароміцца слёз пакуты, але і радасці, расказваючы гэтую вялікую навіну.
Прыглядаемся да веры Яна, які больш не патрабаваў доказаў, проста ўбачыў і паверыў.
Прыглядаемся да Пятра, першага папы, які пасля уваскрасення, не адрокся ад свайго Настаўніка, але тройчы вызнаўшы любоў, падцвердзіў яе пакутніцкай смерцю.
Ад гэтае пары ўжо няма страху, апасення няспоўненага спадзявання, а ёсць упэўненасць і вера ў прысутнасць уваскрослага Хрыстуса ва ўсім, што нас сустракае.
Таму не бойцеся, браты і сёстры, не будце смутнымі і прыгнечанымі. Бо будучыня належыць менавіта да Хрыстуса і ўсіх, якія на Яго спадзяюцца.
Гэта і ёсць вялікая радасць Пасхальнай Таямніцы – цяпер мы, перапоўненыя радасцю, можам спяваць разам з усім Касцёлам словы Экзультата: “Весяліцеся, хоры анёлаў (…), радуйся, зямля”.
Аб’яднаўшыся з Уваскрослым Хрыстусам, з Ягонай любоўю, падняўшыся на крылах любові як тыя, хто любіць, разам з Ім мы сыходзім у цемру гэтага свету, бо ведаем, што менавіта так мы падымаемся да неба.
У гэтыя святы і на кожны дзень жадаю Вам Божай ласкі, радасці і сапраўднага супакою, які паходзіць з пасхальных таямніцаў.
Сардэчна віншую Вас з братэрскай павагай і любоўю.

Кс. Раман Факсінскі

Пробашч рымска-каталіцкай парафіі  Унебаўзяцця Дзевы Марыі

 у Магілёве і магілёўскі дэкан